БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)